Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Выступление на областном краеведческом форуме педагогических работников “Региональный краеведческий компонент в системе образовательного процесса”

Дата: 3 октября 2021 в 17:13

Краязнаўства – крыніца цікавасці да гісторыі сваёй Радзімы

Любоў да радзімы ў кожнага чалавека ўзнікае, напэўна, у свой час. Адно не выклікае сумнення: з першым глытком мацярынскага малака абуджаецца гэтае пачуццё, падобнае на маленькую расліну, што цягнецца да сонца і з кожным днем становіцца дужэйшай, вышэйшай.

Хутка бяжыць час. Ен надае мудрасці, мяняе каштоўнасці. Але ёсць ісціны, якія павінны ўвайсці ў свядомасць з дзяцінства. Фарміраванне ў навучэнцаў паважных адносін да сваёй Айчыны, выхаванне пачуцця гонару і глыбокай павагі да нацыянальнай спадчыны, да той маленькай  радзімы, дзе кожны з нас нарадзіўся і вырас.

Сельская школа – гэта цэнтр жыцця, энергіі, мудрасці і прыгажосці. На ёй трымаецца ўсё духоўнае і свецкае жыцце.

Гонарам нашай  установы  з’яўляецца гісторыка-краязнаўчы музей. Членамі аб’яднання па інтарэсах “Спадчына” быў распрацаваны праект “Пашпарт малой Радзімы”, задачамі якога з’явілася выяўленне, даследаванне, стварэнне фотагазет, планшэтаў, старонак летапісу роднага краю.

Дзякуючы сувязі з навукоўцамі інстытута гісторыі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь у апошні час вучні даведаліся аб археалагічных помніках Парэчча. Яны атрымалі матэрыялы вынікаў даследаванняў археолагаў па берагах рэк Арэсы і Пціч. У час археалагічных экспедыцый, былі сабралі экспанаты для музея школы. Вынікі аказаліся вельмі плённымі. Прыблізна за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Парэчча, ва ўрочышчы Рагачоўка, выяўлены сляды старажытнага паселішча. На пясках знойдзена шмат абломкаў керамікі і крамянёвых вырабаў. Кераміка выраблялася з гліны, у якую падмешвалі жарству і расліннасць. На гэтых вырабах прасочваюцца арнаменты ў выглядзе адбіткаў грэбня, адступаючых наколаў. Прыблізна праз 0,5 км на паўднёвы ўсход ад гэтага селішча выяўлена стаянка старажытных людзей. Побач з гэтым месцам на полі былі знойдзены крамянёвыя пласцінкі са слядамі адшчэпу, шмат абломкаў керамікі з жарствою. У час пераборкі бульбы з саўгаснага поля вучні знайшлі тры крамянёвыя шліфаваныя сякеры. І гэта невыпадкова, бо ўсе ведалі, што на ўскрайку гэтага поля зафіксавана старажытнае селішча. Зараз увага юных следапытаў прыцягнута да месца ў Парэччы, вядомае пад назвай Засценак. Там ёсць пляцоўка, якая ўзвышаецца на 4-5 метраў. Вакол яе скрозь цягнецца глыбокі роў шырыней да 10 метраў. Там, дзе абрываецца пляцоўка, адразу пачынаецца рака Пціч. У старыцу ўпадае ручэй, які цячэ ўздоўж паўночна-заходняга краю пляцоўкі. Тут захаваўся вельмі стары дом. А падмурку, на якім  ён стаіць, болей 400 гадоў.

З 2018 года ва ўстанове дзейнічае рэсурсны цэнтр па патрыятычным і грамадзянскім выхаванні.

Адным з галоўных вынікаў яго работы з’яўляецца практычная дзейнасць навучэнцаў. Народнае, мудрае, спадчыннае – вось што ў першую чаргу дапаможа маладым душам авалодаць сацыяльна-грамадзянскімі кампетэнцыямі.

Праектная і даследчая дзейнасць прадстаўляе даследаванні па тэмах: “Маё Парэчча”, “Падарожжа па малой радзіме”, “Тапанімічныя назвы Парэцкага сельскага савета”, “Ручнік – прадмет інтэр’ера”, “Школьны радавод”.

Працуючы над гэтымі даследчымі праектамі, мы зрабілі выснову, што гісторыя краіны, як у люстэрку, адлюстроўваецца і ў лёсе малой радзімы. Пераканаліся з навучэнцамі ў тым, што сапраўдны грамадзянін любіць і ганарыцца сваёй малой радзімай, вывучае яе гістарычна-культурную, духоўную спадчыну, верны свайму грамадзянскаму абавязку і гатовы да абароны сваёй радзімы. А галоўнае, зразумелі, якое значэнне для чалавека мае малая радзіма.

Цікавасць да гісторыі сваёй вёскі, раёна, да ўласнага паходжання не знікае, але асабліва ўзрасла яна апошнім часам. Гэта пацвярджаюць і арганізаваныя былымі жыхарамі вёсак сустрэчы з землякамі на малой радзіме. На тэрыторыі нашага сельсавета ладзіліся святы вёскі ў Парэччы, Харомцах. Сюды з’язджаюцца ўнукі і праўнукі тых, хто нарадзіўся і вырас на гэтай зямлі. Людзі усе часцей сталі цікавіцца гісторыяй роднага краю, як быццам баяцца нешта забыцца, згубіць у мітусні штодзеннасці. Сыходзіць старое пакаленне, і разам з ім сыходзіць памяць пра падзеі, звесткі пра знікаючыя вёскі. Калі сустракаешся з былымі вяскоўцамі, адчуваеш нейкае асаблівае трапятанне.

У кожнага, хто  меў шчасце нарадзіцца на нашай зямлі, абавязкова ёсць свой ласкавы і шчымліва непаўторны край.

Маё Парэчча – гэта гняздоўе аматараў народнай творчасці, цудоўных майстроў і ўмельцаў, якія беражліва працягваюць традыцыі нашых продкаў.

Калі прыйсці ў наш гісторыка-краязнаўчы музей ды зазірнуць ў пакой быту беларускага селяніна, то ўбачыш, што там сабраны творы народнага мастацтва – ручнікі, адзенне, дываны, посцілкі, павукі, вырабы з дрэва, гліны, лазы, прылады працы. Усяго каля 400 экспанатаў.

За многія гады існавання жыхары в.Парэчча стварылі сваю багатую самабытную культуру, якая была ўвасоблена ў збудаваннях, народным жыллі і бытавых рэчах, нацыянальным адзенні, узорных тканінах, разнастайных прамысловых вырабах, духоўных традыцыях, звычаях і абрадах.  Няўмольны час і ваенныя ліхалецці мянялі культурны ландшафт нашай вёскі, не пашкадавалі шматлікіх помнікаў нацыянальнай культуры, шэдэўраў самабытнай народнай творчасці.

У мінулым навучальным годзе мы пачалі праект “Я знаю скарб ляжыць у куфры старадаўнім”. Сэнс праекта: знайсці ў сваей сям’і старадаўнія рэчы: ручнікі, посцілкі, абрусы, фартушкі.

Гэта работа была накіравана на вывучэнне гісторыі сваёй сям’і, продкаў, сваёй малой радзімы.

Колькі сямейных гісторый было паднята разам з ручнікамі і вышыванкамі? Колькі цікавага пачулі дзеці ад сваіх бабуль і дзядуль.

Пад час праекта ў музеі была арганізавана выстава “Народныя майстры в.Парэчча”, праведзены майстар-клас па ткацтве і вышыванні, складзены  пашпарт в.Парэчча, аформлены каляндар “Гонар в.Парэчча”. Навучэнцы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі фестываля “Берагіня”.

Мы лічым, што толькі праз лёсы лепшых людзей вескі можна захаваць традыцыі і гісторыю роднага краю.

Кожнаму краязнаўцу хочацца быць першаадкрывальнікам, знайсці невядомае, маладаследуемае, раскрыць таямніцу. Калі мэта дасягаецца – узнікае прыліў краязнаўчых сіл, хочацца яшчэ больш актыўна вывучаць родны край, далучаць да гэтай справы вучняў.

Нам засталася спадчына багатая і разнастайная, цікавая і загадкавая. Той, хто хоча зразумець дух свайго народа, павінен ведаць яго вытокі. Працуючы над краязнаўчымі праектамі, стараемся адрадзіць, вярнуць страчанае, рассеяць цемру людскога непаразумення, змагацца ў імя будучага. “Без мінулага немагчыма ні сучаснае, ні будучае. Мінулае – гэта пачатак. Сучаснае і будучае – працяг. Мінулае – гэта карані, сучаснае – само дрэва, будучае – плод. І як дрэва і плод немагчымы без каранёў, так сучаснае і будучае немагчыма без мінулага, без памяці, без спадчыны”, – так пісаў М.Рэрых.

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.