Характарыстыка
гісторыка-краязнаўчага музея
Багаты краязнаўчы матэрыял, гераічнае мінулае Акцябрскага раёна абумовіла стварэнне музея, які быў адкрыты 8 мая 1983 года на падставе загада па школе ад 1 сакавіка 1983 года № 11.
Музей знаходзіцца ў асобным памяшканні плошчай 58 м², у якім 2 пакоі. Тэмпература адпавядае санітарным нормам. Экспанаты, якія не знаходзяцца ў экспазіцыі, размешчаны ў асобных папках, на паліцах, у шафах. У асобным пакоі знаходзіцца музей сялянскага побыту.
Музей мае пастаянную экспазіцыю.
На сённяшні дзень гісторыка-краязнаўчы музей складаецца з наступных раздзелаў:
- Парэчча ў далёкай мінуўшчыне.
- М.Д.Лапа – член тайнага таварыства дзекабрыстаў.
- Устанаўленне Савецкай улады на тэрыторыі Акцябрскага раёна і ў вёсцы Парэчча.
- Стварэнне камсамольскіх ячэек.
- Партызанскі рух у перыяд нямецкай і белапольскай акупацыі.
- Калектывізацыя сялянскіх гаспадарак.
- Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны.
- Вызваленне тэрыторыі Акцябрскага раёна і Парэцкага с/с ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1944 года.
- Тапанімічная карта Парэцкага сельскага савета.
- Гісторыя школы, школьны радавод.
- Левін Юрый Абрамавіч – ваенны журналіст
- Гонар Парэчча
У першым раздзеле “Парэчча ў далёкай мінуўшчыне” змешчаны фотаздымкі вёскі Парэчча, апісваецца гісторыя яе ўзнікнення, сабраны багаты матэрыял аб жыхарах вёскі. Складзена тапанімічная карта Парэцкага сельскага савета, летапіс в. Парэчча. Маецца копія выкупнога акта, копія іменнога спісу сялян.
Ёсць кераміка мілаградскай культуры, знойдзеная на месцы стаянкі каменнага веку (1 тыс.н.э.) в.Парэчча, крамянёвая шліфаваная сякера, крэмень са знакамі апрацоўкі.
У раздзеле “М.Д.Лапа – член тайнага таварыства дзекабрыстаў” даюцца звесткі аб жыцці М.Д.Лапа, які нарадзіўся ў маёнтку Рудабелка Бабруйскага ўезда Мінскай губерніі. Маюцца копіі радаслоўнай дваранскага роду Лапаў, герба “Крыўда”, паграбальнага запісу ў метрычнай кнізе па Харамецкаму касцёлу. Аформлена папка з публікацыямі аб жыцці М.Д.Лапы.
У раздзеле “Устанаўленне Савецкай улады на тэрыторыі Акцябрскага раёна і ў вёсцы Парэчча” змешчаны фотаздымкі арганізатараў устанаўлення Савецкай улады ў в.Парэчча, сабраны матэрыял аб старшыні Рудабельскага валаснога рэўкома Салавей А.Р., сакратару валаснога рэўкома Леўкову М.А.
У раздзеле “Стварэнне камсамольскіх ячэек” даецца матэрыял аб стварэнні Рудабельскай ячэйкі камсамола, якая ўзнікла 20 жніўня 1920 года. Маюцца фотаздымкі першага сакратара Адзінца Мікалая Раманавіча, першых камсамольцаў вёскі Парэчча.
Раздзел “Партызанскі рух у перыяд нямецкай і белапольскай акупацыі” змяшчае інфармацыю аб жыхарах Рудабельскай воласці, якія не скарыліся нямецкім і польскім акупантам у перыяд нямецкай і белапольскай акупацыі. Маюцца фотаздымкі партызан – жыхароў навакольных вёсак.
У раздзеле “Калектывізацыя сялянскіх гаспадарак” даецца інфармацыя аб калектывізацыі ў Парэцкім сельскім савеце, куды для паспяховага правядзення калектывізацыі былі напраўлены дваццаціпяцітысячнікі. Сярод іх быў Андрэй Аляксандравіч Есмановіч – першы старшыня калгаса імя Варашылава ў в.Ражаноў.
Раздзелы “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны” і “Вызваленне тэрыторыі Акцябрскага раёна і Парэцкага с/с ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” уключаюць 9 стэндаў, дзе даецца інфармацыя аб вызваленчай барацьбе на тэрыторыі Парэцкага сельскага савета. Сабраны матэрыял аб баявым шляху воінаў 130 стралковай дывізіі, герою Савецкага Саюза Р.П.Ерафееву, аб подзвігах парачан. Аформлены папкі, альбомы, распрацаваны ўрокі мужнасці, экскурсіі.
У раздзеле “Тапанімічная карта Парэцкага сельскага савета” сабраны матэрыял аб назвах родных мясцін. Даецца ім тлумачэнне як мясцовых жыхароў, так і навуковае.
У раздзеле “Гісторыя школы” даецца інфармацыя аб першай школе ў вёсцы Парэчча, якая была адкрыта ў 1861 годзе пры Багародзіцкай царкве і была прызначана для дзяцей сялян, якія выйшлі з-пад прыгоннай залежнасці. Сабраны матэрыял аб былых ветэранах працы. Аформлены альбомы, папкі, распрацаваны тэматычныя экскурсіі.
Раздзел “Левін Юрый Абрамавіч” прысвечаны ганароваму жыхару вёскі Парэчча Левіну Юрыю Абрамавічу, які нарадзіўся ў вёсцы Парэчча.
На стэндзе размешчаны фотаздымкі Ю.А.Левіна разам з аднапалчанамі, копіі артыкулаў з газеты “Сцяг калектывізацыі”, маюцца кнігі Ю.А.Левіна, якія ён падараваў музею.
Раздзел “Гонар Парэчча” прысвечаны ганаровым жыхарам в. Парэчча. На стэндзе размешчаны фотаздымкі найбольш славутых землякоў. Аформлены папкі аб гэтых людзях. Стэнд быў створаны ў 2019 годзе.
У асобным пакоі размешчаны сабраны этнаграфічны матэрыял, які датычыць родных мясцін. Гэта больш 300 прадметаў побыту, прылад працы і іншыя рэчы з жыцця і быту сялянскай гаспадаркі канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў.
У музеі 14 вітрын, 23 стэнда. Музей налічвае 1213 музейных прадметаў асноўнага фонду: рукапісы, асабістыя рэчы, кнігі, газеты, часопісы, фотаздымкі, успаміны, публікацыі і інш. Уліковая дакументацыя маецца на ўсе музейныя прадметы. Навукова-дапаможны фонд музея налічвае 1120 прадметаў. За апошнія два гады выяўлена 43 прадметы музейнага значэння: асноўнага фонду – 16, дапаможнага фонду – 27. Гэта ксеракопіі фотаздымкаў, публікацыі з газет, часопісаў.
Улік музейных прадметаў вядзецца па кнізе паступленняў (для асноўнага фонду) і кнізе ўліку навукова-дапаможных матэрыялаў (дапаможны фонд). Вядзецца кніга ўліку наведвальнікаў, кніга водгукаў, кніга тэкстаў экскурсій.
Музейныя прадметы прыняты на матэрыяльна-адказнае захоўванне кіраўніком музея (акт зверкі наяўнасці музейных прадметаў з уліковымі дакументамі і перадачы на матэрыяльна-адказнае захоўванне ад 10.05.2015 №1). Новыя прадметы прымаюцца ў музей паводле актаў на пастаяннае (часовае) захоўванне, складзеных па адзінай форме.
Работу па арганізацыі музея узначальвае савет, у склад якога уваходзяць 12 чалавек ( настаўнікі, вучні). Кіраўніком музея з’яўляеццпа настаўнік беларускай мовы і літаратуры Матусевіч Галіна Сяргееўна. Саветам музея распрацаваны палажэнне аб музеі установы адукацыі, канцэпцыя развіцця музея, пашпарт музея, план работы музея. Падрыхтавана 5 экскурсаводаў, якія валодаюць матэрыяламі музея.
Праца музея ажыццяўляецца па наступных напрамках:
пошукавы: вучні і настаўнікі сустракаюцца з блізкімі родзічамі ветэранаў вайны, ветэранамі працы, аднавяскоўцамі. Запісваюць успаміны, збіраюць матэрыял (фотаздымкі, кнігі, рукапісы, рэчы);
даследчы: вучні займаюцца вывучэннем назваў мясцін свайго краю. Склалі тапанімічную карту Парэцкага с/с, тапанімічны слоўнік, у які ўвайшло больш за 300 назваў. Большая з іх частка мае тлумачэнне як мясцовых жыхароў, так і навуковае;
асветніцкі: саветам музея распрацаваны экскурсіі для вучняў і іншых наведвальнікаў. Матэрыял падабраны на аснове экспазіцый і фондаў музея. Наладжваюцца сустрэчы з блізкімі родзічамі ветэранаў вайны, вязнямі, ветэранамі працы, аднавяскоўцамі.
У музеі працуе краязнаўчы гурток “Спадчына”, у склад якога уваходзяць 13 членаў. Члены гуртка вядуць краязнаўчы пошук і навуковае даследаванне такіх гістарычных дысцыплін, як нумізматыка, геральдыка, этнаграфія, археалогія. Арганізоўваюць археалагічныя і этнаграфічныя экспедыцыі з мэтай выяўлення і вывучэння помнікаў археалогіі і этнаграфіі сваіх родных мясцін. Неаднаразова з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі раенных, абласных конкурсаў: II рэспубліканскі конкурс даследчых работ пад дэвізам “Адвечнае” – дыплом лаўрэата, Абласны турыстычна-краяведчы праект “Пашпарт малой радзімы” – дыплом III ступені.