Кожны чалавек павінен ведаць аб тым месцы, дзе ён нарадзіўся і жыве. Родны край становіцца яшчэ бліжэй і радней, калі ведаеш яго гісторыю. Без ведання мінулага, няма будучыні.
Пад сонечным шчаслівым небам наша сінявокая Беларусь адзначыла 80-ю гадавіну Перамогі над гітлераўскімі захопнікамі. 80 год… Многа гэта ці мала? Для гісторыі – імгненне. А для чалавека – амаль жыццё. Нават самыя маладыя з тых, хто ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі, цяпер – людзі сталага ўзросту.
Няўмольна хутка ідзе час. Ён надае мудрасці, але забірае ад нас тых, хто крок за крокам, праз усе жахі выпрабаванняў, страты, боль, смутак набліжаў народ да перамогі, якая дае цяпер права ганарыцца ёю ўсяму чалавецтву.
Вайна. Мы ўяўляем яе па кадрах кінахронікі, па творах мастацкай літаратуры і асабліва па ўспамінах ветэранаў.
І сёння хочацца правесці вас па зямлі, якая для мяне найдаражэйшая за ўсё. Гэта самы чароўны кут – маё Парэчча. Не старайцеся адшукаць яго на карце – не знойдзеце. Парэчча – гэта ўсяго толькі вёска, якая стаіць уздоўж ракі Пціч, глядзіць у яе і, здаецца, любуецца сабою.
Хочацца, каб гісторыю маёй маленькай радзімы ведалі многія. Таму сёння мы пройдзем тымі дарогамі, якія нам нельга забываць, каб глыбей адчуць шчасце міру і радасць Вялікай Перамогі. Хай ажывуць у памяці старонкі слаўнага мінулага.
Адпраўным пункам нашай экскурсіі мэтазгодна лічыць партызанскі аэрадром. Кожны, хто прыязджае ў Парэчча, пачынае знаёмства з вёскай з абеліска, які стаіць на ўскрайку поля. На простым, сціплым абеліску, які нагадвае абрысы самалёта, чытаем надпіс: “Тут у гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся партызанскі аэрадром”.
Менавіта тут, каля самай вёскі, у гады фашысцкай акупацыі дзейнічаў партызанскі аэрадром, які прымаў самалёты з Вялікай зямлі. Месца вельмі ўдалае, як быццам бы сама прырода паклапацілася аб гэтым. Аднак гэты аэрадром быў запасны, так як асноўны знаходзіўся ў Любанскім раёне.
Для арганізацыі палетаў з брыгады М.Б.Храпко прыбыў былы летчык А.Е.Гусараў.
З канца вясны 1943 года аэрадром у Парэччы стаў самастойна функцыяніраваць. Іншы раз прыходзілася сустракаць за суткі па некалькі самалётаў. Праўда, не ўсе з іх садзіліся. Некаторыя скідвалі грузы з парашутамі і ляцелі назад. Тыя, што садзіліся, прывозілі звычайна зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перыядычны друк, загады, узнагароды партызанам. У зваротны шлях самалёты загружалі параненымі, хворымі партызанамі, дзецьмі.
Самалеты з Вялікай зямлі прыляталі звычайна ноччу. Каб прыняць іх – загаддзя рыхтаваліся кастры і запальваліся у патрэбны час.
З успамінаў Рыгора Міканоравіча Адзінца:
- Аднойчы селі два самалёты. Надвор’е ў тую ноч было складанае для палёту: дзьмуў моцны сустрэчны вецер. Селі яны ўдала. А вось, калі сабраліся ляцець у зваротны шлях, то аказалася, што паліва не хопіць. Сталі думаць, як выйсці з гэтай сітуацыі. Вырашылі так: зліць усё паліва з двух самалётаў у адзін. Так і зрабілі. Адзін з самалётаў паляцеў, а другі застаўся чакаць наступную ноч. Праз суткі прыляцелі новыя самалёты, прывезлі паліва, і ўсе разам паспяхова вярнуліся за лінію фронту.
З успамінаў Вольгі Сямёнаўны Іксанавай:
У тую ноч з самалётаў было скінута некалькі адзінак грузаў для партызан. На досвітку грузы былі знойдзены і дастаўлены на аэрадром. Калі палічылі, то аднаго не хапала. Усе пошукі не далі вынікаў. У той дзень мяне маці паслала за шчаўем і я наткнулася на парашут з нейкімі цюкамі. Гэта быў груз для партызан, якія потым мяне добра аддзякавалі: далі кавалак матэрыі з парашута, каб маці пашыла сукенку.
Па шашы мы рухаемся на захад па вуліцы Леніна, дзе мясцовасць паволі паніжаецца, спускаемся да сажалкі, якую мясцовыя жыхары называюць “Лужок”. Яна была выкапана яшчэ ў XIX ст., калі в. Парэчча належыла пану Вышчынскаму. І вось мы з вамі ля Помніка воінам-землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны…
Над абедіскам сіні небасхіл,
Я пераклічку чую тут з магіл…
Лаўлю іх голас з-пад зямлі жывы:
–Сяржант…
–Яфрэйтар…
–Радавы…
–Я – старшы лейтэнант…
–Я – старшына
Ад стромкіх сосен – цень людской тугі
Над плітамі гранітнымі магіл
Гэта скульптура воіна была пастаўлена ў 1967 годзе.
Яна сімвалізуе горыч, пакуты, смутак аб тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, а гэта 667 чалавек, выхадцаў з в. Парэчча. Сярод іх: партызаны, воіны-франтавікі, мясцовыя жыхары (жанчыны і дзеці). У падмурку помніка ў баявой капсуле знаходзіцца наказ патомкам.
Ксеракопія якога, разам са спісам загінуўшых жыхароў в. Парэчча захоўваецца ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі.
На вуліцы Гагарына ва ўшанаванне памяці мірных жыхароў, якія загінулі ад рук карнікаў, дзе раней знаходзілася кузня, быў пастаўлены ў 1960 г. Памятны знак. Тут пахаваны 66 мірных жыхароў, спаленых у красавіку 1942 г. Сярод іх сям’я маладой партызанкі Шуры Есмановіч.
Дзяцінства Шуры прайшло ў Парэччы. Менавіта тут яна пайшла ў першы клас. Школа тады знаходзілася на вуліцы Сацыялістычная (мясцовыя жыхары называюць гэту вуліцу Баяршчына) ў паповай хаце. Пасля школы яна закончыла курсы медсясцёр у Мінску. Аднак па спецыяльнасці не працавала, а была пераведзена ў Забалацкую школу піянерскай важатай.
У самым пачатку вайны бацька пайшоў на фронт. У той час Шуры было 19 гадоў, і яна актыўна ўключылася ў партызанскую барацьбу: адносіла даведкі ў партызанскі атрад, які знаходзіўся на рацэ Пціч. Камандзірам атрада быў Ф. І. Паўлоўскі (запіс быў зроблены са слоў бацькі Шуры).
Трагічны лёс напаткаў маладую дзяўчыну. Аднойчы, калі яна разам з братам вярталіся дамоў, іх каля самога Засценка сустрэлі немцы. Брата адпусцілі, а Шуру забралі з сабою. У той жа дзень былі захоплены сем’і ўсіх камуністаў і партызан: Казлоўскага Мікіты, Адзінца Фёдара Піліпавіча (сакратара сельскага савета), Гулькі Жэні, Адзінца Віктара, Адзінца Карнея, Лясуна Аляксандра і іншых.
26 сакавіка парачукі заўважылі, што немцы звозяць да кузні салому. Потым было аб’яўлена, каб усе жыхары збіраліся каля кузні. З боку Баяршчыны нямецкі канвой вёў Шуру. Яна была без адзення і без абутку. Разам з сем’ямі камуністаў і партызан яе загналі ў кузню. Потым тварылася нешта жудаснае. Вогнішча ахапіла кузню. Навокал чуўся крык і плач. У тых, хто спрабаваў уратавацца, стралялі з аўтаматаў.
Аб гэтай трагедыі даведаліся ў партызанскім атрадзе.
Партызаны жорстка адпомсцілі за смерць сваіх родных і аднавяскоўцаў. Не адзін дзясятак фашыстаў знайшоў сваю смерць на Парэцкай зямлі.
Побач з гэтым помнікам знаходзіцца Магіла ахвярам фашызму, дзе пахавана 24 мірныя жыхары, якія ў 1941-1944 гг. загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1967 г на магіле пастаўлены абеліск.
Далей працягваем нашу экскурсію – ідзем да Брацкай магілы, якая знаходзіцца на могілках…
Каб каменні маглі гаварыць,
Як гавораць з жывымі жывыя,
Расказалі б пра дні баявыя,
Каб каменні маглі гаварыць…
Над папялішчамі галосіць вёска, –
Ад лёсу не адкупішся нічым,
Магілы брацкай пад шнурок палоска
Ледзь прыцярушана з начы.
Тут пахавана 33 воіны Савецкай Арміі, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў час вызвалення в. Парэчча 27-28 чэрвеня 1944 гг. На досвітку 24 чэрвеня 1944 г. войскі I Беларускага фронта перайшлі ў наступленне. Так пачалася аперацыя “Баграціён”. З усходніх рубяжоў Акцябрскага раёна вяла наступальную аперацыю 28-ая армія, якая прыкрывала бабруйскі напрамак з поўдня. 25 чэрвеня наступленне працягвалася. 26 чэрвеня быў вызвалены г.п. Акцябрскі і асноўныя сілы арміі выйшлі да р. Пціч. 27 чэрвеня армія фарсіравала раку Пціч у раёне Бубнаўкі, Зацішша, Ражанова, Халопеніч і да раніцы 28 чэрвеня завяршылася вызваленне раёна.
У 1967 годзе на Брацкай магіле пастаўлены абеліск. Спачатку былі вядомы імёны 12 воінаў, якія пахаваны ў магіле. У 2017 годзе была праведзена рэканструкцыя абеліска. Вядомы імёны 33 воінаў, якія пахаваны ў магіле.
Далей наша экскурсія працягваецца па лясных дарогах, праз урочышчы Асінавы Гай, Нудзін на месца былога Козел-Бунёўскага пабоішча, якое адбылося ў ноч з 27 на 28 чэрвеня 1944 г.
Пачаўся жорсткі бой, які цягнуўся ўсю ноч. Амаль 2500 нямецкіх салдат і афіцэраў засталіся ляжаць на полі бою, больш як 1000 трапілі ў палон.
Асобна хочацца расказаць і пра камандзіра батальёна Рыгора Пятровіча Ерафеева, які ўвесь час знаходзіўся ў першых радах, натхняючы байцоў на подзвіг. Варожы асколак цяжка раніў яго, але дзякуючы дапамозе медыкаў, ён застаўся жыць. За гэту аперацыю Рыгору Пятровічу Ерафееву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Рыгор Пятровіч пражываў у горадзе Краснаярску, вёў шматгадавую перапіску з вучнямі Парэцкай сярэдняй школы, некалькі разоў разам са сваёй жонкай прыязджаў у Парэчча. Ён з’яўляецца ганаровым жыхаром нашай вёскі, і адна з вуліц носіць яго імя.
Працягваем нашу экскурсію. Будзем ісці па лясных сцежках. Адна з іх называецца Конка. Конка (дарога ў лесе), якая злучае вёскі Растаў і Буда, па якой ездзілі ў асноўным на конях. Звярніце ўвагу на гэтыя прыгожыя дрэвы. Хто з вас ведае, як яны называюцца? Гэта - граб. Граб – род адносна невялікіх лісцёвых дрэў сямейства Бярозавыя. Дыяметр ствала каля 1,5 м, а вышыня можа дасягаць да 30 метраў.
Дрэва прарастае павольна, але доўга. Тэрмін жыцця можа скласці ад 150 да 200 гадоў.
І вось мы падыходзім да Помніка Валордзю Мазейку. Дата заснавання помніка – 1984 год, рэканструіраваны ў 2020 годзе.
Помнік зроблены ў выглядзе гранітнай пліты. На ёй знаходзіцца надпіс “Здесь похоронен юный партизан отряда «Красный Октябрь» Володя Мазейко (1928-1944), жестоко замученный фашистами. ”
Працягваем наша падарожжа па слаўных сцежках Бацькаўшчыны. Рухаемся да Памятнага знака, які пастаўлены ў 1970 годзе на месцы захавання мірных грамадзян, спаленых у вёсцы Растаў. Ён знаходзіцца на ўскрайку поля. Гэта магіла ахвяр фашызму. У пачатку вясны 1942 г. большасць мірнага насельніцтва в. Растаў была ў партызанскіх атрадах, якія дзейнічалі ў бліжэйшых вёсках ( “Храбрацы”, або першая назва атрада “Ігар” у Ражанове, атрад імя С.М. Будзённага ў Глускім раёне). У вёсцы Растаў фашысты спалілі чатыры партызанскія сям’і – гэта 14 чалавек.
З успамінаў ветэрана вайны Шчэцька Уладзіміра Зіноўевіча:
- Столькі часу прайшло з той пары, а я добра памятаю дзень, калі ў маёй вёсцы ўпершыню з’явіліся немцы. Раніцай прачнуўся ад таго, што пачуў стрэлы. Маці разам з Вольгай і Лідай пабеглі хавацца ў склеп, а я залез пад калоду. Раздаўся моцны выбух. Мяне параніла асколкам у нагу. Ляжаць больш не было сілы, вылез і пабег па вуліцы. А там дзед Цімох карову выганяў. Ён быў зусім глухі і не чуў, што пачалася страляніна. Я ніколі не забуду гэтай жудаснай карціны: параненая ў жывот карова і мёртвы дзед Цімох.
На вайне было страшна. Думаў, што не ўдасца дачакацца Перамогі. Але ніколі не хаваўся за спіны таварышаў. Успамінаецца бой у горадзе Штолупіне. Атака за атакай. Салдаты, скошаныя свінцом, падаюць і заміраюць назаўсёды. Але мая першая гармата біла да канца.
За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў час гэтага бою, Уладзімір Зіноўевіч быў узнагароджаны ордэнам Славы.
Адзіночныя і брацкія магілы герояў Вялікай Айчыннай вайны, размешчаныя як на невялікіх аддаленых сельскіх могілках, так і тыя, якія займаюць годнае месца на цэнтральных гарадскіх могілках і ў парках, нагадваюць сучаснаму пакаленню аб тым, якім коштам была дасягнутая перамога над фашызмам у XX стагоддзі, а нам даюць права ганарыцца славай нашых продкаў. Гэтая памяць, павінна свята захоўвацца, перадавацца з пакалення ў пакаленне, як непагасны факел вялікай любові да Радзімы, да свайго народу.
Прыйдзе вясна. Закрасуе май, і мы зноў панясём кветкі да абеліскаў, брацкіх магіл, вечных помнікаў. Не будзем жа спяшацца, пастаім і падумаем: чаму мы тут? Схілім галовы і запытаем сябе, што я зрабіў і што зраблю, каб было каму сюды прыходзіць, каб не пабольшала на нашай зямлі такіх мясцін, каб мінулае стала ўрокам? Давайце ўспомнім пайменна ўсіх загінуўшых. Давайце не забудзем пайменна і жывых. На вялікі жаль на тэрыторыі Парэцкага сельскага савета не засталося ніводнага жывога сведка вайны. Пайшлі з жыцця нашы ветэраны. Паклонімся ім нізка. Да зямлі.