З гісторыі Парэчча.
ПАРЭЧЧА – веска, цэнтр Парэцкага сельскага савета, за 18 км на Захад ад г.п. Акцябрскі, 11 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор (на ветцы Бабруйск – Рабкор ад лініі Асіповічы – Жлобін), 218 км ад Гомеля, на р. Пціч (прыток р. Прыпяць), на Захадзе міліярацыйны канал, злучаны з р. Прыпяць. Транспартныя сувязі па праселачнай, затым аўтадарозе Акцябрскі – Глуск. 249 гаспадарак, 591 жыхар (2004 г.).
Па пісьмовых крыніцах вядома з 14 стагоддзя. Пад 1396 г. пазначана ў лісце князя Гальшанскага як сяло ў Глускай воласці, якое было аддадзена Кіева-Пячэрскаму манастыру. Упамінаецца пад 1559 г. у матэрыялах рэвізіі пушчаў. У 1683 г. пазначана як цэнтр маентка, уладальніку якога Парэчча давала 292 злотых і 22,5 гроша ў год. Паводле 1748 г. ўладанне Радзівілаў. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) у складзе Расійскай імперыі. Праз веску праходзіў тракт Слуцк – Скрыгалаў. У 1846 г. адкрыта народнае вучылішча. Большасць вясковых зямель належала памешчыкам Ф.Валодзьку, К.Клецкаму і А. Быкоўскаму. Пазначана на карце 1866 г., якой карысталася Заходняя меліярацыйная экспедыцыя, што працавала ў гэтых месцах у 1890-я г. У 1876 г. пабудавана драўляная Раствабагародзіцкая царква. З 1885 г. дзейнічала вінакурня. Паводле перапісу 1897 г. с. Парэчча I (76 двароў, 378 жыхароў, 2 царквы, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 2 лаўкі), в. Парэчча ІІ (9двароў, 54 жыхары, лаўка, кузня, карчма) і засценак Парэчча (31 двор, 204 жыхары, кузня). У 1917 г. ў сяле, весцы, засценку і фальварку 1401 жыхар. З 20.08.1924 г. цэнтр Парэцкага сельскага савета Глускага, з 28.06.1939 г. Акцябрскага, з 25.12.1962 г. Светлагорскага, з 30.07.1966 г. Акцябрскага раенаў Бабруйскай (да 26.07.1930 г.) акругі, з 20.02.1938 г. Палескай, з 20.09.1944 г. Бабруйскай, з 08.01.1954 г. Гомельскай абласцей. У 1925 г. ў сяле 122, у весцы 104, у засценку 39, у фальварку 9 двароў. У 1929 г. быў створаны калгас “Полымя рэвалюцыі”. Першы старшыня калгаса – Вялічка Павел Аляксандравіч. У 1931 г. арганізаваны калгас “Камсамольская праўда”, працавалі кузня і вадзяны млын. Пачатковая школа ў 1930-я г. ператворана ў сямігадовую. У канцы 1930-х г. сяло, веска, засценак і фальварак склалі адзін населены пункт – Парэчча. У Вялікую Айчынную вайну партызаны разграмілі апорны пункт, які намецкія акупанты заснавалі ў весцы. У красавіку 1942 г. карнікі спалілі 13 двароў і загубілі 169 жыхароў. За 0,2 км на Усход ад вескі, па дарозе ў г.п. Акцябрскі з сакавіка 1943 г. размяшчаўся аэрадром Палеска-Мінскага партызанскага злучэння. У баях каля вескі загінулі 13 воінаў (пахаваны на могілках). 83 вяскоўцы загінулі на фронце. У склад Парэцкага сельскага савета да Вялікай Айтчыннай вайны уваходзіла в. Вовін, якую нямецкія акупанты спалілі (не адрадзілася), да 1962 г. – в. Чырвонная Дуброва, да 1966 – г.п. Багданаў (не існуюць).
Адразу пасля вызвалення ў весцы быў адкрыты дзіцячы дом для дзяцей, бацькі якіх загінулі ў барацьбе з фашысцім нашэсцем. У 1957 г. створаны саўгас, а ў 1958 г. пачала выходзіць саўгасная шматтыражка “Савецкае Парэчча”, сярэдняя школа (пры ей краязнаўчы музей, якому 04.06.1991 г. прысвоена званне “народны”), бібліятэка, дзіцячы сад, бальніца, аптэка, аддзел сувязі, комплексна-прыемны пункт, лясніцтва, цэнтр адпачынку, філіял Акцябрскай музыкальнай школы, ветэрынарны пункт, сталовая, 3 магазіны. Планіровачна складаецца з працяглай прамалінейнай вуліцы, арыентаваннай з Паўдневага Усходу на Паўночны Захад, да якой на Поўдне далучаецца Г-падобная вуліца. Забудова двухбаковая, драўлянная, сядзібнага тыпу. У 1987 г. ўведзены 50 мураваных дамоў, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджанных радяцыяй месц пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 г.
За апошнія гады пабудавана больш 20 дамоў. З 2007 г. землі КСУП “Арэса” увайшлі ў склад КСУП “Парэчча”.