Новости проекта
Лето на финише, а мы — на старте нового учебного года!
С окончанием учебного года!
Выставление четвертных отметок
Согласование ГИАЦ
Аттестат соответствия системы защиты информации
Архив электронного дневника.
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 3 человека

Успаміны былога вязня Лідзіі Рыгораўны Гуткоўскай

Дата: 4 апреля в 15:21

Успаміны былога вязня Лідзіі Рыгораўны Гуткоўскай

Памяць… Паўстагоддзя няўмольна паўстае перад вачыма жудасны малюнак знаходжання вязняў у лагерах смерці, асабліва ў лагеры смерці непадалёку ад Азарыч Гомельскай вобласці, што быў створаны ў пачатку сакавіка 1944 года.

Было гэта так:

Забралі нас немцы на золку, пагрузілі на машыны і павезлі. Мы ўсе думалі, што нас (старых і дзяцей) вязуць расстрэльваць, але праз гадзіны паўтары машыны спыніліся на беразе рэчкі Нератоўка. Там калючым дротам быў абнесены палетак азімага жыта. Праз кожныя дзесяць метраў вакол агароджы стаяў фашыст з аўчаркай і куляметам. Жанчын, дзяцей і старых нашай вёскі Беркаў прывезлі на дзвюх машынах. Мы былі самыя першыя вязні лагера каля г.п. Акцябрскі. А потым гналі людзей суцэльным натоўпам ад станцыі Залессе і станцыі Рабкор. Іх туды прывозілі цягнікамі. Гэты натоўп ішоў цэлы дзень і цэлую ноч. Адразу фашысты загадалі дарослым здаць пашпарты (іх спалілі), гэтым яны хацелі пазбавіць вязняў звання чалавека. На вуліцы мароз і снег, есці няма чаго.

На трэці дзень фашысты прывезлі машыну гнілых мерзлых кармавых буракоў і пачалі кідаць іх вязням. Галодныя людзі кінуліся іх хватаць, а фашысты рагаталі, фатаграфавалі (гэтыя здымкі яны пасылалі ў Германію) і крычалі: “Рус швайна”.

У лагеры ўжо не хапала месца для новых вязняў. Тады фашысты пачалі адбіраць маладзейшых жанчын, большых юнакоў і дзяўчат і адпраўляць іх на пабудову ўмацаванняў. А старых, хворых, калек і дзяцей пагналі далей у лагер пад Азарычы. Гналі нас як скаціну, спераду, па баках і ззаду ішоў фашыст з аўтаматам. Калі хто адставаў, яго адразу забівалі. Маці, у якіх было шмат дзяцей, ахвяроўвалі немаўляткамі. Яны саджалі іх на абочыну пад дрэва, а самі ішлі ў роспачы далей са старэйшымі. Ісці было вельмі цяжка. Усе былі галодныя, а дарога разбітая танкамі і машынамі. Гэтыя трыццаць сем кіламетраў мы адолелі толькі за два дні. Ад голаду пухлі рукі і ногі.. Ноччу маці не давалі спаць сваім дзецям, бо хто ўжо засне, то і не прачнецца. Голад і мароз зробяць сваю справу. Кожны дзень сотні мёртвых дзяцей і дарослых сцягвалі ў канец лагера і кідалі ў вялізную яму-роў.

Такое не забудзеш і праз усё сваё жыццё. Жудаснае мінулае прыходзіць у снах, з’яўляецца ва ўяўленні сярод белага дня. Калючая агароджа, на якой міны падобныя на бляшанкі кансерваў, толькі з вусамі. Мёртвая маці, а вакол яе поўзаюць ледзь жывыя дзеці. Мёртвыя дзеці, а пад імі сядзіць маці з выглядам вар’яткі. Перад лагерам, на другім баку дарогі ляжыць хлеб, але вязням толькі за ўвесь тыдзень хдеб давалі толькі адзін раз. Маленькую булачку на чатыры чалавекі. Фашысты рабілі гэта знарок: вязні бачаць хлеб, а ўзяць яго не могуць. Такі малюнак даводзіў да вар’яцтва.

Адной раніцай мы не заўважылі немцаў. Усю ноч толькі быў чутны роў танкаў і машын, гэта адступалі немцы. Разам з імі зніклі і нашы вартавыя. Ахоўваў нас калючы дрот і міны. Да поўдня ўсе былі за агароджай, а потым смялейшыя пайшлі па хлеб. Фашысты і хлеб замініравалі. Шмат падарвалася на мінах, але здаравейшыя і смялейшыя дабылі сабе хлеба. А потым прыйшло два чырвонаармейцы з міналоўнікамі. Вы не можаце сабе ўявіць, якое было лікаванне і радасць. Мы свабодныя, нас вызваліла родная наша армія.

Чырвонаармейцы прасілі ўсіх заставацца ў лагеры, пакуль размініруюць дарогу да Азарыч (3 км), але ўсе, хто мог трымацца на нагах, пайшлі адзін за адным, след у след. Многія не дайшлі: аступіўся, папаў на міну, загінуў сам, загінулі і тыя, хто ішоў спераду і ззаду.

Яшчэ шмат памерла былых вязняў пасля выхаду з лагера ад тыфу і дызентэрыі. Памерла і мая меншая сястра Тамара.

Крыўдна было ўсё гэта ўсведамляць, бо доўгі час аб дзецях-вязнях ніхто нідзе не ўспамінаў.

Трэба памятаць аб тых, хто быў нявінна пакараны, хто правёў сваё дзяцінства ў кашмарных абставінах ваенных гадоў, смяротнай небяспецы і бязмерных здзеках, у каго было ўкрадзена дзяцінства ворагам.

Усе гэтыя словы пішу, прапускаючы праз сэрца.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.